2014/2015

«Сем дарожак вясёлкі» – традыцыйная акцыя дабрыні і міласэрнасці

17.01.2014

«Сем дарожак вясёлкі» – традыцыйная акцыя дабрыні і міласэрнасці, якую ўжо 8 гадоў арганізоўвае і праводзіць Слуцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, завяршылася ў снежні святочным мерапрыемствам «Шырэй круг» у маладзёжным цэнтры. Вясёлка – шчасце, сям’я, радасць, перавернутая ўсмешка, шчырасць…

 

Пад адным небам

Акцыя праходзіць для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей-інвалідаў і іх здаровых равеснікаў. Спартыўныя спаборніцтвы, канцэртныя, гульнёвыя праграмы рыхтуюць для асаблівых дзяцей школьнікі, наведваюць выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. І, напэўна, больш важна ўсё гэта для «масавых» дзяцей, таму што выхоўвае талерантнасць, эмпатыю, спагаду, чалавечнасць. Усе гэтыя якасці нельга набыць тэарэтычна. Толькі ва ўзаемадзеянні з асаблівымі дзецьмі, дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі можна навучыцца разумець не падобных на сябе, прымаць іх, адносіцца, як да роўных. Згадзіцеся, у наш «шалёны» час менавіта гэтага нам не хапае ў паўсядзённым жыцці…

«Мы – разам, мы жывём пад адным небам, нам свеціць адно сонца», – падкрэсліла дырэктар ЦКРНіР Інэса Міхайлаўна Панамарова. І гэта сапраўды так.

 

Школьнікі з Бокшыцкай і Лучнікоўскай сярэдніх школ, СШ №№4, 5, 8, 9, 10, 11, 13 актыўна ўдзельнічаюць у акцыі, прыходзяць у цэнтр з падарункамі, рыхтуюць для выхаванцаў канцэртныя праграмы. Падчас заключнага мерапрыемства ўсе яны адзначаны дыпломамі, а таксама настаўнік-дэфектолаг Бокшыцкай СШ Марына Васільеўна Тузін, настаўнік музыкі СШ №11 Валянціна Маратаўна Грэк, настаўнік-дэфектолаг СШ №13 Таццяна Аляксандраўна Рудзь, пастаянныя вядучыя канцэртна-гульнёвай праграмы Алена Грэк (СШ №11) і Уладзіслаў Лясун (СШ №12).

Свята ў маладзёжным цэнтры атрымалася яркім, у зале панавала добразычлівая «вясёлкавая» атмасфера. Прысутнічалі і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падчас выступленняў юных артыстаў ніхто не мог уседзець на месцы. Пабачылі б вы, якія пластычныя, эмацыянальныя ў танцы асобыя дзеці! Вясёлыя карагоды, «цягнічкі» аб’ядналі ўсіх у гучную дружную кампанію. Клоўн дапамагаў у танцах, гульнях, конкурсах. Колькі ж задавальнення, радасці прынесла гэта свята і дзецям, і бацькам!

Падчас акцыі выхаванцы ЦКРНіР атрымалі падарункі ад некаторых арганізацый, прадпрыемстваў, індывідуальнага прадпрымальніка. Супрацоўнікі і бацькі ўдзячныя ўсім неабыякавым людзям.

 

Клопат і любоў

Асобае дзіця, дзіця з абмежаванымі магчымасцямі можа з’явіцца ў любой сям’і, незалежна ад статусу бацькоў, іх матэрыяльнага становішча, стану здароўя, інтэлектуальнага развіцця. І такое дзіця, несумненна, патрабуе значна большай увагі, клопату і бязмежнай любові сваіх бацькоў. У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прыходзяць на дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць асобых дзетак, дзетак з абмежаванымі магчымасцямі, і заўсёды падкрэсліваюць, што бацькі не павінны «закрывацца», а абавязкова супрацоўнічаць са спецыялістамі і не баяцца нічога: разам можна многае зрабіць.

Дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзецям-інвалідам удзяляецца вялікая ўвага. Арганізавана іх навучанне на даму, ёсць 104 інтэграваныя класы ў школах, 5 інтэграваных і 18 спецыяльных груп у дзіцячых садах. Дзеткі з асаблівасцямі са складанымі дыягназамі наведваюць ЦКРНіР, педагогі прыкладаюць усе намаганні для іх развіцця, сацыялізацыі, навучання.

 

Для сваіх выхаванцаў супрацоўнікі цэнтра ствараюць найспрыяльнейшыя ўмовы, займаюцца медыцынскай рэабілітацыяй, навучаннем і выхаваннем гэтых дзяцей, у кожнага з іх свой дыягназ (а бывае – і не адзін), асаблівасці. І ўсе яны аднолькава атрымліваюць любоў і клопат. У цэнтры ім вельмі добра, тут усё – для іх камфортнага знаходжання і развіцця. У гэтым упэўніліся дырэктары сярэдніх школ падчас семінара «Інавацыйныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў рабоце з педагогамі па фарміраванні талерантных адносін да асобых дзяцей». У цэнтры яны азнаёміліся з умовамі жыццядзейнасці дзетак, убачылі спецыяльныя дыдактычныя матэрыялы, вырабленыя крэатыўнымі выхавальнікамі, удзельнічалі ў трэнінгах па фарміраванні талерантнай прасторы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Прысутныя адзначалі, што супрацоўнікі цэнтра выпраменьваюць цеплыню і дабрыню. «А інакш нельга», – адказала на гэта дырэктар цэнтра Інэса Міхайлаўна Панамарова, якая ведае ўсё пра кожнага з выхаванцаў і яго сям’ю. Школы для бацькоў, сумесныя святы, экскурсіі, вечары адпачынку, летняе аздараўленне – і гэта не ўвесь спіс мерапрыемстваў, прапануемых цэнтрам  выхаванцам і іх бацькам.

Тэрыторыя талерантнасці

Некаторыя дзеці з абмежаванымі магчымасцямі вучацца разам з «масавымі» дзецьмі. Удзельнікаў семінара ўразіла наведванне ўрокаў у пачатковых класах СШ №13. Мы размаўлялі з першакласнікам Сярожам (хлопчык амаль нічога не бачыць). Гэта цуд, а не дзіця: камунікабельны, пазітыўны. 

«Мне падабаецца ў школе, асабліва на фізкультуры, – расказваў Сяргей. – Я Леру «разгаворваю». Гэта ён пра суседку па парце, у якой таксама праблемы са зрокам, дзяўчынка адаптуецца да жыцця ў калектыве, пачынае размаўляць. Уключэнне дзяцей з той ці іншай ступенню страты здароўя ў навучальны і выхаваўчы працэс у звычайных класах – справа, несумненна, карысная для абодвух бакоў.

Дзеці ўзаемаўзбагачаюцца, адны адчуваюць сябе прынятымі ў грамадстве, іншыя набываюць найкаштоўнейшыя чалавечыя якасці. Настаўнікі дапамагаюць у гэтым, умела арганізоўваюць працэс навучання і выхавання. Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі адчуваюць сябе ў школе камфортна. Яны ўдзельнічаюць у конкурсах даследчых работ, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, спяваюць, танцуюць.

Яшчэ ў адным класе – урок музыкі. Тут я ўбачыла сваю даўнюю знаёмую Паліну. Дзяўчынка з цяжкім дыягназам, такая ж жыццялюбка, як і пры нашай першай сустрэчы. «Яна – сапраўдны «атаман», – падзялілася я думкай з дырэктарам школы Валянцінай Вячаславаўнай Ралько, назіраючы за Палінай на ўроку.

  

«Кожны з вас пойдзе з нашага семінара іншым чалавекам», – гаварыла педагог-псіхолаг ЦКРНіР Ала Юр’еўна Капская пасля прагляду відэароліка з «Песняй пра кінуты камень»…

Мы жывём кожны ў сваім свеце, у сваіх праблемах і не задумваемся, што ў кагосьці ў жыцці бываюць куды больш цяжкія моманты, што нехта ўвесь час змагаецца з абставінамі, умовамі, з самім сабой і пры гэтым ідзе па жыцці з усмешкай. Азірніцеся, задумайцеся і працягніце руку дапамогі бліжняму. Будзьце талерантнымі і паспрабуйце зразумець і прыняць не такіх, як вы самі, і вы сапраўды адкрыеце ў сабе іншага чалавека.

 

 

свернуть