У сялянскай хаце мінулага

   Пры стварэнні экспазіцыя “У сялянскай хаце мінулага” ставілася задача не толькі сабраць экспанаты, якія адлюстроўваюць побыт нашых продкаў, народныя традыцыі, культуру, але і паказаць традыцыйны інтэр’ер сялянскай хаты. Хочацца, каб наведвальнікі нашага музея атрымалі ўяўленне пра тое, як жа выглядала сялянская хата стагоддзе назад.

   Сцежкамі дзядоў… У чыёй  свядомасці не знойдзецца куточка, дзе хаваюцца прыемныя ўражанні, дзіцячыя ўспаміны аб сцяжынках, па якіх прыходзілася бегчы з лесу ці рэчкі да вёскі.

   Зойдзем ў адну з хат. З сяней павее прыемнай прахалодай, пахам хлеба, паранай бульбы. У невялічкай хаце светла ад пабеленай печы. Печ арганізоўвала частку прасторы хаты – кухонную зону.  Пад прыпечкам складваліся дровы.

   Па дыяганалі ад печы знаходзіўся чырвоны кут, ганаровае месца ў хаце. Тут стаяў стол, накрыты настольнікам. У куце – упрыгожаныя ручнікамі абразы. Чырвоны кут – месца збору сям’і. Чынна за стол садзіўся бацька, побач члены сям’і, госці. Тут  святкаваліся святы, ішлі сямейныя нарады.  На покуце клалі і нябожчыка. Чырвоны кут быў  своеасаблівым хатнім алтаром.

   Недалека ад печы, звычайна знаходзілася месца  для адпачынку сям’і. Зараз у нас тут  стаіць ложак, але гэта характэрна ўжо для 20-га стагоддзя. У 19-м і больш ранніх стагоддзях ложка  яшчэ не  было. Замест яго рабілі  драўляны насціл і на ім адпачывалі,  адпачывалі так сама і на самой печы.

   У куце адпачынку мацавалася на гнуткім пруце да бэлькі дзіцячая люлька-калыска.

   Электрычнасці не было. Хату асвятлялі з дапамогай лучыны, а ў больш познія часы – з дапамогай керасінавай лямпы.

   Паміж месцам адпачынку і чырвоным кутам было рабочае месца хаты. Тут устанаўлівалі кросны. Жанчыны ўсю зіму на іх ткалі. Ткалі  ручнікі, абрусы,  посцілкі, палатно, з якога потым шылі адзенне.  Напрыклад, жаночыя спадніцы. Раней у інтэр’еры сялянскай хаты шафы не было. Адзенне складвалі ў вялікі куфар, у ім звычайна захоўвалі і пасаг маладой дзяўчыны. 

   Але перш чым ніткі траплялі на кросны, яны праходзілі доўгі працэс апрацоўкі.

   Сжаты лён малацілі пранікам. Потым мялі. Пацёрты і мяты лён трапалі траплом – выбівалі кастрыцу, што засталася яшчэ ў валакне.  У час трапання горшая частка валакна разам з кастрыцай валіцца на зямлю.  Затым валакно чэшуць на грэбнях. Потым кудзелю прымацоўваюць да прасніцы. (Паказ) . Кудзелю пралі пры дапамозе верацяна. Атрымлівалі ніткі. У пачатку 20 ст. з’явіўся калаўрот. Прадукцыйнасць працы на калаўроце была ў 2-3 разы большая, чым на верацяне.  Напрадзеныя ніткі сушылі на печы, маталі ў маткі і  клубкі вось пры дапамозе такіх прыстасаванняў. А потым ужо з нітак  на кроснах ткалі палатно.

  Не ўсё тое, чым карысталіся нашы продкі, знікла без слядоў. Шмат чаго прапала назаўсёды, але нямала і ўдасканалілася, атрымала новае развіццё. У сваім музеі мы хочам захаваць і паказаць старыя рэчы побыту, прапагандаваць спадчыну народнай культуры.     

   Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына,

   Памiж сваiх i чужакоў яна мне ласкай матчынай…